Новости

Кардынал Юзаф Томко ўзначаліў святую Імшу ў Чырвоным касцёле

Першы дзень візіту папскага легата кардынала Юзафа Томко ў Беларусь завяршыўся літургіяй у касцёле святых Сымона і Алены. Іерарх звярнуўся да прысутных у гаміліі.

Літургію канцэлебравалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, біскуп Луцкі Маркіян Трафімяк, святары заходняга і ўсходняга абрадаў.

На пачатку святой Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч прывітаў прысутнага папскага пасланца, іерархаў, святароў, вернікаў. Арцыпастыр адзначыў, што да святкавання 300-годдзя кансэкрацыі сённяшняй архікатэдры духоўна далучаецца Святы Айцец, які накіраваў у Мінск свайго прадстаўніка. Іерарх нагадаў таксама, што касцёл святых Сымона і Алены ў хуткім часе будзе адзначаць 100-ю гадавіну, а таксама адзначыў ролю гэтай святыні ў адраджэнні веры ў Мінску.

«Да сэрца гаворыць сэрца», – такімі словамі распачаў сваю гамілію кардынал Юзаф Томко, адзначаючы, што не ведае ні беларускай, ні польскай мовы. Сапраўды, сэнс гаміліі іерарха, прамоўленай на славацкай мове, напэўна, зразумеў кожны прысутны.

«Вера – наша сіла», – адзначыў кардынал Томко. Звяртаючыся да тэксту Евангелля, іерарх казаў пра тое, што вельмі важна, каб «вера была з намі не толькі ў касцёле, але і на працы, у школе, бо ў этым – сведчанне веры». А юбілеі мінскай архікатэдры і Чырвонага касцёла, якія з’яўляюцца сімваламі веры, нагадваюць пра яе неабходнасць у штодзённым жыцці. «Тое, што сёння мы сустрэліся пры Хрыстовым алтары, сведчыць, што ваша вера жывая», – дадаў іерарх.

«Бэнэдыкт XVI ведае Касцёл у Беларусі лепш, чым вы думаеце», – падкрэсліў кардынал Томко, кажучы пра клопат Пантыфіка аб Касцёле ў нашай краіне.

Напрыканцы літургіі іерарх удзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне.

 

Catholic.by   08 октября 2010
Вернуться к анонсам новостей